Барыс Цімафеевіч Бокша нарадзіўся 20 верасня 1960 г. у г.п. Шарашова Пружанскага р-на. У дванаццацігадовым узросце з сям’ёй пераехаў у г. Пружаны, дзе скончыў СШ №2. З 1977 па 1983 гг. вучыўся у Гродзенскім медінстытуце, пасля заканчэння быў накіраваны ў г. Гомель. З 1993 г. жыве у г. Мінску, узначальвае фірму “Беломнімед”, якая з’яўляецца буйным пастаўшчыком на беларускі рынак стаматалагічных матэрыялаў і абсталявання.
З дзяцінства Барыс Бокша занатоўваў у невялічкіх малюнках наваколле горада, вёскі, сядзібу дзеда… Сур’ёзна пачаў займацца мастацтвам па парадзе і падтрымцы сяброў. Хаця спецыяльнай мастацкай адукацыі ён не атрымаў, сёння “графічны стаж” мастака складае больш за 20 гадоў.
Канцэпцыя мастака – цікавасць да беларускага пейзажу. Асаблівае месца ў ягонай творчасці займаюць працы, прысвечаныя Пружаншчыне. Барыс Цімафеевіч адлюстроўвае на паперы яскравыя падрабязнасці аб’екта, незаўважныя для непадрыхтаванага вока. Мастак пазбягае франтальных малюнкаў, канцэнтруючы ўвагу на бакавых нюансах, разгортвае перспектыву ў розных плоскасцях.
У 2006 г. адбылася першая персанальная выстава Барыса Богшы ў мінскім Палацы мастацтваў. У 2008 г. ладзілася першая выстава на малой радзіме творцы, у Пружанскім палацыку. 2010 г. быў азнаменаваны выставамі ў г. Будапешце, г. Браціславе і г. Берліне.
На выставе “Графічныя нататкі Барыса Бокшы” ў ДУК “Музей-сядзіба Пружанскі палацык” прадстаўлена 30 прац.