войти
опубликовать

Фёдар
Сяргеевіч Ладуцька

родился в 1943

Пружанскі настрой

Менавіта так называецца персанальная выстава сталічнага мастака Фёдара Ладуцькі, якая днямі ўрачыста адкрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». Гэтая падзея, прымеркаваная да 75-гадовага юбілею вялікага майстра пэндзля, стала сапраўдным святам для аматараў прыгажосці.
Адкрыла імпрэзу шыкоўнае выступленне ўзорнага хору «Вітанак» Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы (мастацкі кіраўнік — Ірына Буланькова). Пасля традыцыйнага прывітання дырэктара музея шмат цёплых слоў пра творчасць і асобу юбіляра сказаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябар Саюза мастакоў Беларусі Яўген Шунейка. Падтрымаў мастака і сябар мастацкай суполкі «Абуджэнне» Андрэй Лычкоўскі (г. Узда).
Як высветлілася, на сваім творчым шляху Фёдар Ладуцька праявіў талент мастака–дызайнера ў шматлікіх рэспубліканскіх праектах: ён афармляў экспазіцыі музея народнай творчасці ў Раўбічах, літаратурнага музея Максіма Танка ў Мінску, літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) і іншых музейных устаноў. Таксама мастак удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі афармлення ўсім вядомага ў сталіцы праспекта Машэрава. Увогуле многія аб’екты нашай сталіцы сталі асабліва прыгожымі, дзякуючы ідэям Фёдара Сяргеевіча.
На выставу ў пружанскі музей мастак прывёз амаль два дзясяткі жывапісных і графічных твораў у пейзажным жанры, створаных у розных тэхніках і разлічаных на самых розных гледачоў. У яго работах — узоры чыстай і праўдзівай творчасці сталага мастака-наватара, які знайшоў свой аўтарскі стыль і адпаведныя сродкі выяўленчай выразнасці. Своеасаблівая манера пабудовы кампазіцыі, рытмічнасць плям і ліній надаюць непаўторнасць і дынамічнасць палотнам і робяць яго творчасць прывабнай для гледача.
Кожны твор мастака гаворыць пра яго асобу: Фёдар Сяргеевіч — сціплы і шчыры творца, чалавек з яркім душэўным святлом і цікавым стаўленнем да жыцця. На першы погляд здаецца, што нічога асаблівага ў яго пастэльных творах і няма, тут усё проста: рачулкі, лес, мора, узгоркі, дрэвы, нібыта жывыя сонечныя блікі на воднай прасторы; здаецца, падыдзеш бліжэй да карцін — і адчуеш асаблівы пах свежасці. Аднак кожны сціплы матыў пагружае ў глыбокія думкі.
Некаторыя мастацтвазнаўцы параўноўваюць творы Фёдара Ладуцькі з пейзажнай спадчынай нарвежскага мастака Эдварда Мунка, які ў вельмі аскетычнай форме перадаў вялікую духоўную повязь чалавека з суровай паўночнай краінай. Нешта падобнае адчувае глядач і ад пейзажных твораў беларускага майстра — нястомнага вандроўніка, які заўважае прыгожыя дзівосныя краявіды зямлі і праз свае карціны шчыра дзеліцца імі. Яго пазітыўны, светлы жывапіс перадае ўсю духоўна-аздараўляльную гармонію сусвету, штосьці шматзначна-сімвалічнае, чым бязмежна напоўнена прырода…
Хочацца далучыцца да ўсіх прыемных віншаванняў і пажадаць Фёдару Сяргеевічу Ладуцьку доўгага жыцця «ў сусветным» жывапісе і творчага натхнення. Сапраўднага свята Вам, майстар, з вясновым адчуваннем жыцця і аптымізмам.
Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Фота Сяргея Талашкевіча. Раённыя будні 28.04.2018 http://www.budni.by/?p=28962