У выставачнай зале Слонімскага краязнаўчага музея 10 жніўня адкрылася выстава ў гонар 60-годдзя з дня нараджэння і 45-годдзя творчай дзейнасці знанага слонімскага мастака Васіля Грыневіча пад назвай "Запрашэнне сябрам".
З гэтай нагоды карэспандэнт "ГС" пагутарыў з юбілярам. — Спадар Васіль, скажыце, якія ў Вас адчуванні ў гэты юбілейны дзень, калі на адкрыццё выставы прыйшлі Вашы родныя, сябры? — Я рады, што сабраліся мае сябры. Выстава таму і называецца «Запрашэнне сябрам». Прыйшлі і сябры, і супрацоўнікі музея, і ўсе мэтры слонімскага мастацтва. Я вельмі шчаслівы і рады. — На Ваш погляд, у наш «век інтэрнэту» цяперашняя моладзь цікавіцца мастацтвам? — Цікавіцца. Моладзь заўсёды цікавілася гэтым. Так было раней, і так ёсць цяпер. — Якія цікавыя выпадкі за Вашу 45-гадовую творчую кар`еру, звязаныя з мастацтвам, маглі б прыгадаць? — Такіх момантаў было шмат. З апошняга часу я ўспомню, як мы з калегамі былі на пленэры ў Пружанах. Мяне здзівіла, што там, у Берасцейскай вобласці, больш расейскамоўных. І чым далей на захад вобласці — тым іх больш. А мы ў суполцы «Слонім-Арт» размаўляем па-беларуску, і тамтэйшыя людзі пытаюцца: «Вы што, з Украіны?» Мяне гэта ўразіла, што дзеці, а хутчэй, іх бацькі не могуць адрозніць беларускую мову ад украінскай. Гэта дзіва. — Што Вы пажадаеце землякам у дзень адкрыцця Вашай выставы? — Сваім землякам я найперш пажадаю здароўя. Творчым людзям — творчасці. У кожнага чалавека павінна быць свая мэта, і жадаю, каб гэта ўсё здзейснілася. І, канешне, добрага ладу ў жыцці, таму жадаю ўсім дабрабыту. Фота аўтара
Газета Слонімская 19 ЖНІЎНЯ 2017 МІКІТА ПАСТУХОЎ
Газета Слонімская 19 ЖНІЎНЯ 2017 МІКІТА ПАСТУХОЎ