У мінулую пятніцу ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы мастака Анатоля Маразюка. Выстава “Шлях да сябе” – гэта невялікі экскурс у творчую дзейнасць бярозаўскага жывапісца.
Анатоль Маразюк – асоба вельмі цікавая. Нарадзіўся ў Іванаўскім раёне ў 1951 годзе. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці “Архітэктура” і прыехаў жыць у Бярозу, дзе амаль 15 гадоў узначальваў архітэктурную службу раёна. Але талент узяў сваё: сёння жывапіс – сэнс яго жыцця.
На выставе прадстаўлены 24 работы мастака, кожная з якіх мае вельмі глыбокі сэнс, унутраную глыбіню, што не можа нікога пакінуць абыякавым. З дапамогай рознакаляровых фарбаў мастак нібы раскрывае ўсю палітру чалавечых пачуццяў, вядзе адкрыты дыялог з самім сабою і з гледачом.
Радасць ад адчування прыгажосці роднай прыроды, складаны ўнутраны свет чалавека, успаміны і роздумы, вечныя філасофскія тэмы – усё гэта на палотнах мастака. Вось, напрыклад, трыпціх “Рэквіем”, для напісання якога выкарыстаны розныя адценні чырвонага. Гэта своеасаблівая “размова” памерлых з жывымі. У цэнтры намаляваны музычныя інструменты, як увасабленне чалавечага таленту. У самым версе – людзі, якія адышлі ў вечнасць, але заўсёды з намі, і мы, захоўваючы памяць аб іх, павінны вучыцца жыць далей.
Прыемная асалода, глыбокія ўражанні і пачуцці застаюцца пасля сустрэчы з карцінамі Анатоля Маразюка. Упэўнена ў тым, што гэтыя работы не згінуць у коле часу, яны будуць заўжды запатрабаваны ў той катэгорыі людзей, якія ў жыцці і мастацтве шукаюць і знаходзяць спрадвечныя каштоўнасці.
Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Фота: Сяргей Талашкевіч
12.04.2017 Раённыя будні http://www.budni.by/?p=21636
Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Фота: Сяргей Талашкевіч
12.04.2017 Раённыя будні http://www.budni.by/?p=21636